Пс 83
1  Сьпеў. Псальм Асафа.
2  Божа! Не маўчы, і ня будзь у маўчаньні і ў супакоі, Божа!
3  Бо вось, узварухнуліся ворагі Твае, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву.
4  Супраць народу Твайго яны кнуюць [намеры] таемныя і радзяцца супраць тых, каго Ты ахоўваеш.
5  Яны сказалі: «Хадзіце і сатрэм іх між народамі, і імя Ізраіля ня будзе ўзгадвацца болей».
6  Бо радзіліся яны аднадумна, супраць Цябе заключылі запавет
7  намёты Эдому і Ізмаэльцы, Мааў і Агаране,
8  Геваль і Амон, і Амалек, Філістынцы і жыхары Тыру.
9  І Асур далучыўся да іх, стаўся ён рамяном для сыноў Лота. (Сэлях)
10  Зрабі ж Ты ім як Мадыяну, як Сісэры, як Явіну каля ручая Кішон,
11  якія зьнішчаныя каля Эндору, сталіся як гной на зямлі.
12  Учыні з імі, з магнатамі іхнімі як з Арэвам і Зэвам, і з усімі князямі іхнімі, як з Зэвахам і Сальмунам,
13  якія казалі: «Возьмем сабе ў спадчыну сялібы Божыя!»
14  Божа мой! Зрабі іх як [пыл у] віхуры, як салому пад ветрам!
15  Як агонь паліць лясы і як полымя апальвае горы,
16  гэтак Ты перасьледуй іх бурай Тваёю і віхурай Тваёй напалохай!
17  Напоўні сорамам абліччы іхнія, і будуць шукаць імя Тваё, ГОСПАДЗЕ.
18  Няхай будуць асаромленыя і спалоханыя навечна, няхай будуць у сораме і загінуць,
19  і даведаюцца, што імя Тваё — ГОСПАД, і толькі Ты — Найвышэйшы над усёй зямлёю.